top of page

З запiсных кнiжак У.Караткевiча


  • Лёгка ўявіць сабе краіну, дзе дваранства — ганебнае саслоўе. За злачынствы пераводзяць у дваране.

  • Лепей няверныя перакананні, чым зусім без іх.

  • Я ўсё жыццё люблю міліцыю… Без узаемнасці.

  • Пачатак казкі пра сямёра казлянят і ваўка: «Жыла-была каза. Яна была маці-адзіночка» (дзіця расказвае). І праўда: пра казла ж у казцы ані слова.

  • Лёс мовы? Будзе не так, як «гісторыя захоча»… Будзе так — як мы зробім!

  • Гэтыя людзі выдаюць сваю тупасць і тугадумства за глыбакадумнасць, сухасць і слабіну за высокую мараль, а нежаданне думаць — за ідэйную выхаванасць.

  • Грамадства, у якім грамадскімі засталіся адны туалеты.

  • Ты выйшаў з народа. Але ніхто не дае табе з гэтай прычыны права здзекавацца з гэтага народа.

  • Выпіць на антыбрудэршафт. Хачу цябе з гэтага часу на «вы» называць.

  • Мецілі контуры печані для рэнтгена і наставілі на пузе чарнілам крыжоў. Цэлыя могілкі.

  • Штабс-капітан: «Офицер р-рус-ской ар-рмии должен отличаться блеском души и благородством сапог».

  • З усяго, што паліцэйская дзяржава робіць са сваімі грамадзянамі, самае згубнае і недаравальнае — гэта перакручванне гістарычнага мінулага

  • Юрысты-прафесіяналы. Сутнасць іхняй працы — не бачыць больш, чым патрэбна.

***

Расліна дыхае таксама кіслародам, выдыхае вуглякіслы газ. Але яна расце і ў ходзе росту ўсвойвае двувокіс вугляроду, будуе з яго сваё цела. Такім чынам расліна не дыхае вуглякіслым газам, а есць, жарэ яго і выдзяляе кісларод. Болей чым яго трэба самой расліне. Вось за кошт гэтага «лішку» і жывуць жывёлы і чалавек.

Вось хрупкая, дрыжачая грань, па якой мы ходзім, дыхаючы. І мы гэты «мосцік да жыцця» старанна бурым, выконваючы і перавыконваючы план лесанарыхтовак.

***

Чалавек б’е доўбняй па галаве таму, што не паспеў прызвычаіцца да думкі, што мозг — змястоўня розуму. Гэта думка маладая. Ёй усяго дзве з паловай тысячы год, нават крыху менш (Алкмеон, вучань Піфагора).

***

Усё трэба рабіць з законнага пратэсту супраць формул і форм, якія талдычаць і талдычаць, бубняць і бубняць — па інерцыі, па дурной ляноце розуму, і якія да таго ж нядрэнна аплочваюцца.

Кажуць: радзіме трэба ўсё дараваць. Прыкрываюцца гэтымі словамі. Але людзі — гэта не радзіма, яны — не радзіма.

І таму скажам так: не даруй, прыпомні з часам. Але не злосціся на маці за дурных дзяцей… Не помсці маці за балваноў-сыноў, ёй ад іх і без цябе кепска (яе ад іх і без цябе нудзіць).

Мы в соцсетях
  • Иконка Twitter с длинной тенью
  • Иконка Google+ с длинной тенью
  • Иконка Facebook с длинной тенью
  • Иконка LinkedIn с длинной тенью
bottom of page